У Беларусі гэтая гісторыя дагэтуль практычна невядомая. У пачатку 1950-х амерыканскае Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне (ЦРУ) разгарнула аперацыю AEQUOR: завербаваных агентаў з ліку беларусаў-эмігрантаў вучылі шыфроўцы, падробцы дакументаў, жыццю пад чужым імем — а потым скідалі з парашутам у лясы БССР. Праект быў часткай нашмат больш маштабнай вайны з камунізмам, дзе не лічылі ахвяр. Аперацыю рэалізавалі — праўда, вынік аказаўся трагічным і зусім не такім, на які разлічвалі ў Вашынгтоне. Мы вывучылі рассакрэчаныя архівы разведкі і кнігі аўтарытэтных амерыканскіх пісьменнікаў-дакументалістаў. Што падштурхнула ЦРУ да гэтай задумы, як разгортваліся падзеі, пры чым тут беларускія апазіцыйныя структуры ў эміграцыі і ў колькі ацэньвалі жыццё дыверсанта — усё гэта мы раскажам у чатырох артыкулах цыклу. Сёння — пра тое, як Еўропу аблыталі шчупальцы разведак, што запусціла халодную вайну і прывяло да ідэі беларускага праекта.
Бухарэст
Сонечным ранкам 1 верасня 1944 года Фрэнк Візнэр, кіраўнік мясцовай ячэйкі амерыканскага Упраўлення стратэгічных службаў (УСС) — папярэдніка ЦРУ, — стаяў ля зачыненага акна палаца піўнога магната Думітру Брагадыру. Па вуліцы, падымаючы пыл і выкідваючы ў неба чорны дым дызельных рухавікоў, бясконцым патокам паўзлі танкі Чырвонай арміі. Візнэр толькі напярэдадні прыляцеў са Стамбула, каб шукаць і вызваляць з палону збітых немцамі і румынамі над мясцовымі нафтапромысламі амерыканскіх і брытанскіх лётчыкаў, каля 1,5 тысячы якіх трымалі ў лагерах і турмах па ўсёй краіне. Гэта была афіцыйная версія яго місіі. На самай жа справе ў Бухарэсце ўжо пару дзён як працавала перадавая група УСС з дзевяці разведчыкаў. Менавіта яны займаліся пошукам лётчыкаў, а таксама забіралі кінутыя ў спешцы нямецкія дакументы — ад спісаў чальцоў мясцовай нацысцкай партыі да звестак пра нафтавыя пастаўкі ў Рэйх. У Візнэра была іншая задача.
Найбуйнейшым нафтавым раёнам Румыніі быў Плаешць пад Бухарэстам. Гэтая краіна першай у свеце пачала прамысловую здабычу нафты, і з сярэдзіны XIX стагоддзя тут працаваў першы ў свеце нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ). У Другую сусветную вайну Плаешць забяспечваў нафтай Германію і быў празваны «бензакалонкай Гітлера». Менавіта таму яго масіравана бамбілі з 1943 года і таму там аказалася так шмат збітых і ўзятых у палон амерыканскіх і іншых лётчыкаў.
У дзверы пастукалі і запрасілі на сняданак. Гаспадар дома і яго жонка, княгіня Аляксандра (Танда) Караджа, чыім далёкім продкам сям’я лічыла графа Дракулу — Улада Цэпеша, цешыліся, што ў іх доме спыніўся амерыканскі афіцэр: гэта абараняла ад рабаванняў, якія пракаціліся па краіне з уступленнем савецкіх войскаў. Крыху больш за тыдзень таму, 23 жніўня, малады румынскі кароль Міхай запрасіў у свой палац румынскага фюрэра, маршала Ёна Антанэску, і арыштаваў яго. Следам узялі пад варту адданых маршалу генералаў, захапілі масты, вакзал, аэрадром, пошту. Увечары кароль абвясціў па радыё, што Румынія выходзіць з «восі», то-бок з альянсу з Германіяй. Нямецкай арміі прапанавалі пакінуць краіну, а румынская перайшла на бок савецкіх войскаў.
Дапіваючы ранішнюю каву, Фрэнк планаваў візіт на запрашэнне княгіні да яе сяброў у асабняк на бульвары Кісялёва, дзе чакаліся і савецкія афіцэры. Увечары ён частаваў іх амерыканскім віскі і цыгарэтамі: алкаголь развязваў язык, а вайна і магчымая смерць размывалі межы паміж ідэалагічнымі супернікамі. Візнэр спрабаваў зразумець, што рускія збіраюцца рабіць з Румыніяй і што чакае вызваленую імі рэшту Еўропы. Гэта і было сапраўднай мэтай яго прыезду ў Бухарэст. Праўда, 35-гадовы амерыканец быў шпіёнам усяго год і яшчэ не падазраваў, што ў рускіх ёсць агенты і сярод яго румынскіх знаёмых, і нават у самім УСС.
Чым далей савецкая армія прасоўвалася да Германіі, тым больш нервовай станавілася атмасфера ў Вашынгтоне і Лондане. Многія прадракалі камунізацыю Еўропы і новую вайну, цяпер ужо з СССР. Дырэктар УСС Уільям Донаван яшчэ да прыходу савецкай арміі ў Румынію прапаноўваў высадзіць саюзныя войскі ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, выбіць адтуль немцаў і адрэзаць Балканы ад саветаў.
Саветызацыя Румыніі разгарнулася на вачах Візнэра — за месяцы, што ён прабыў у Бухарэсце, краіна паспела з саюзніка Германіі ператварыцца ў падкантрольную Маскве тэрыторыю. Контуры гэтай будучыні праступілі ўжо ў верасні 1944 года, калі абвясцілі ўмовы пагаднення пра перамір'е: Бесарабія і Паўночная Букавіна пераходзілі ў склад СССР, Румынія абавязвалася трымаць на сваёй тэрыторыі паўмільённую савецкую армію, перадаць пад савецкае камандаванне двухсоттысячную румынскую армію, а таксама цягам шасці гадоў выплаціць рэпарацыю, эквівалентную 300 млн даляраў, — непад’ёмную для краіны суму. Улада пераходзіла Саюзнай кантрольнай камісіі з прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, але прысутнасць саюзнікаў была чыста фармальнай, а рэальная ўлада належала савецкай адміністрацыі. Ужо ў кастрычніку пачаліся арышты чыноўнікаў, вайскоўцаў і палітычных праціўнікаў камуністаў. З краіны, акрамя рэпарацый, пачалі вывозіць абсталяванне з фабрык і нафтаздабыўных прадпрыемстваў. То-бок Румынія страчвала і нафту, і астатнюю прамысловасць, а значыць, і магчымасць зарабіць на выплату пазычанасці. Гэта прывязвала яе да СССР на няпэўны тэрмін.
Візнэр бясконцым патокам слаў у Вашынгтон трывожныя тэлеграмы. Іх галоўным чынам ігнаравалі, але калі тэлеграм стала занадта шмат, а тон іх — менш дыпламатычным, яго абсеклі і запатрабавалі змяніць рыторыку на больш добразычлівую да савецкага саюзніка. Рычагоў ціску на Маскву ў Вашынгтона і Лондана ўсё роўна не было: як ні круці, румынская армія падчас ўварвання ў СССР у 1941 годзе была другой па колькасці пасля нямецкай, і ў Крамлі мелі права патрабаваць расплаты.
Тым часам самыя сур’ёзныя змены адбываліся ў палітыцы. Сотні савецкіх камісараў раз’ехаліся па Румыніі і з дапамогай пераконванняў, пагроз і хабару аб’ядналі разрозненых і малалікіх левых у Народна-Дэмакратычны фронт (НДФ) на чале з кампартыяй — у 1944 годзе настолькі маргінальнай, што нават паводле самых аптымістычных ацэнак яе колькасць не перавышала тысячы чалавек. Тым не менш неўзабаве чальцы НДФ занялі ключавыя пасады ва ўрадзе, і следам пачаліся чысткі сілавога апарату і замена яго кіраўніцтва на камуністаў. Пазней кіраўнік кампартыі Венгрыі Мацьяш Ракашы назаве гэтую тактыку Савецкага Саюза ва Усходняй Еўропе «тактыкай салямі» — смерцю ад тысячы парэзаў: падрыў дзяржаўнага апарату ішоў па настолькі шматлікіх і на першы погляд нязначных напрамках, што любы пратэст непазбежна аказваўся запозненым і марным.
Але самае вялікае ўзрушэнне, якое вызначыла ўсё яго далейшае жыццё, Візнэр перажыў у студзені 1945-га, калі савецкае камандаванне арыштавала і выслала ў працоўныя лагеры СССР сто тысяч этнічных немцаў — грамадзян Румыніі. Вось як саслужывец Візнэра Роберт Бішап апісваў пагрузку людзей у вагоны: «Ахвяр праганялі паміж дзвюма шарэнгамі ахоўнікаў да цягніка. Калі яны праходзілі міма пэўнага пункта, іх зноў пералічвалі, і як толькі колькасць дасягала трыццаці, наступную ахвяру часова спынялі. <…> Як толькі яны аказваліся ўнутры, рассоўныя дзверы зачыняліся. Жалезныя засаўкі ляскалі, замкі зашчоўкваліся. Часу на пратэсты ці істэрыкі не было. Усё адбывалася з хуткасцю і дакладнасцю бойні». Жонка Візнэра Полі пазней успамінала: «Гэта, мабыць, паўплывала на яго жыццё больш чым што-небудзь іншае. Натоўпы людзей, якіх заганялі ў адкрытыя таварныя вагоны — паміраць па дарозе, па дарозе ў канцэнтрацыйныя лагеры».
Да 1948 года ўсе краіны Усходняй Еўропы трапяць пад поўны кантроль СССР.
Вісбадэн
«Вы мусіце памятаць, што спачатку мы нічога не ведалі. Нашыя веды пра тое, што задумаў іншы бок, яго намеры, яго магчымасці, былі роўныя нулю або каля таго. Калі нам удавалася дастаць тэлефонны даведнік або карту аэрадрома, для нас гэта было сапраўднае свята. Мы не ведалі абсалютна нічога пра вялікую частку свету», — успамінаў Рычард Хелмс, у 1966−1973 гадах дырэктар ЦРУ, а вясной 1945 года малодшы афіцэр УСС у Германіі.
Той самай вясной з Румыніі ў Германію прыбыў і Візнэр: разам з Хелмсам ім трэба было стварыць разведвальную сетку ў амерыканскім сектары акупацыі. Штаб-кватэра УСС размяшчалася непадалёк ад Франкфурта, у курортным мястэчку Вісбадэн, у будынку завода пеністых вінаў Henkell Trocken — вайна, на радасць амерыканскіх разведчыкаў, абышла яго склады бокам, і вечарамі яны здымалі там стрэс. Самому Візнэру было не да забаваў: ён быў разгублены ад таго, з якой хуткасцю СССР падпарадкаваў сабе Усходнюю Германію. Разгубленасць змянялася бездапаможнасцю і адчаем па меры разумення ўласнай абмежаванасці і майстэрства тых, з кім трэба было мець справу. Разведслужба амерыканцаў была зусім зялёнай, а рускія гулялі ў гэтую гульню дзвесце гадоў, з часоў апошняй канцылярыі Пятра Першага.
Германія ляжала ў руінах. Амерыканцам даволі хутка ўдалося стварыць шырокую сетку інфарматараў, расплачваючыся з імі самай хадавой валютай рэгіёна — цыгарэтамі і мылам: два тузіны блокаў цыгарэт Camel, набытыя за 12 даляраў у армейскай краме, можна было памяняць на «Мерсэдэс-Бэнц» 1939 года. Аб’ём інфармацыі рос, але, на думку Візнэра, дырэктывы з Вашынгтона не ўлічвалі галоўнага — яны цікавіліся чым заўгодна, ад хуткасці перамяшчэння бежанцаў да памеру нацысцкага падполля «Вервольф», але не ўсведамленнем пагрозы пашырэння савецкай імперыі.
Тым часам УСС імкліва страчвала людзей: афіцэры вярталіся дадому да даваенных прафесій, і колькасць супрацоўнікаў арганізацыі за некалькі месяцаў знізілася ў разы. Генерал Донаван страціў свайго галоўнага заступніка яшчэ ў красавіку 1945-га са смерцю прэзідэнта Рузвельта. Гары Трумэн, які прыйшоў на яго месца, не давяраў асабіста кіраўніку УСС і баяўся самой ідэі магутнай пастаяннай службы разведкі, баючыся, што яна выйдзе з-пад кантролю. Ужо 20 верасня 1945-га Трумэн нанёс галоўны ўдар — звольніў Донавана і загадаў расфарміраваць УСС цягам дзесяці дзён. Усяго праз шэсць тыдняў пасля таго, як амерыканскія бамбавікі скінулі дзве атамныя бомбы на Японію, ЗША засталіся без адзінай разведвальнай арганізацыі.
1 красавіка 1946 года Фрэнк Візнэр, застаўшыся ўбаку, вярнуўся ў Нью-Ёрк, у свой офіс на Уол-стрыт, да ранейшай прафесіі адваката. Ён нават не падазраваў, што праз два гады зноў апынецца ў Вашынгтоне — але ўжо як кіраўнік новай арганізацыі, адказнай за дыверсіі і сакрэтныя аперацыі супраць СССР і яго сатэлітаў.
Вашынгтон
Многім знаёмая знакамітая прамова Уінстана Чэрчыля, сказаная 5 сакавіка 1946 года ў Фултане, штат Місуры: «Ад Штэціна на Балтыцы да Трыеста на Адрыятыцы на кантынент апусцілася жалезная заслона. <…> Усе сталіцы старажытных дзяржаваў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы падпарадкоўваюцца не толькі савецкаму ўплыву, але і ўсё большаму кантролю Масквы». Гэтая прамова лічыцца пунктам адліку халоднай вайны.
Менш ведаюць пра дакумент, напісаны месяцам раней, які паўплываў на палітыку ЗША ледзь не мацней. Аўтарам «доўгай тэлеграмы» быў Джордж Кенан, супрацоўнік амбасады ЗША ў Маскве ў часы Вялікага тэрору, з 1944 года — намеснік амбасадара ў СССР. У лютым 1946 года ён даслаў у Дзярждэпартамент тэлеграму даўжынёй каля 5300 словаў, дзе выклаў сваё бачанне таго, як спыніць экспансію Савецкага Саюза і камунізму: «Савецкая сістэма неўспрымальная да логікі розуму, але вельмі адчувальная да логікі сілы». Фонам да тэлеграмы паслужыў скандал, які многія гісторыкі пазней стануць называць момантам пачатку халоднай вайны. Шыфравальшчык савецкай амбасады ў Атаве Ігар Гузенка здаўся канадскім уладам і перадаў дакументы з доказамі савецкага шпіянажу ў Канадзе, ЗША і Вялікабрытаніі, імёнамі дзясяткаў савецкіх агентаў. Па Канадзе пракацілася хваля арыштаў, расследаванні распачалі і ў ЗША — і скончыліся пакараннямі смерцю за здраду радзіме.
Праз год адміністрацыю Трумэна нарэшце вывела са здранцвення ўжо не аналітыка, а непасрэдная просьба дапамагчы. У лютым 1947 года брытанцы папярэдзілі дзяржсакратара Джорджа Маршала, што больш не змогуць фінансаваць урад Грэцыі ў яго барацьбе з камуністычнымі партызанамі, якіх падтрымлівалі СССР, Югаславія і Албанія. 12 сакавіка Трумэн заклікаў Кангрэс вылучыць 400 мільёнаў даляраў Грэцыі і Турцыі — ад апошняй СССР патрабаваў тэрытарыяльных саступак — і заявіў, што ЗША дапамогуць любым дэмакратыям, якім пагражае камуністычная экспансія. Гэта ўвойдзе ў гісторыю як «дактрына Трумэна». Неўзабаве з’явіцца і «План Маршала» — маштабная фінансавая дапамога ЗША Еўропе. Удзел у ёй прапануюць і СССР з краінамі Усходняй Еўропы, але Масква адмовіцца і змусіць адмовіцца астатніх.
Летам таго ж года ў ЗША прымуць Закон пра нацыянальную бяспеку, адным з пунктаў якога стане стварэнне Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення. Пра сакрэтныя аперацыі за мяжой закон наўпрост не казаў ні слова — толькі размытая фраза пра права «выконваць іншыя функцыі, звязаныя з разведвальнай дзейнасцю». Гэтай шчыліны хопіць, каб ЦРУ правяло сотні сакрэтных замежных аперацый — толькі за другі тэрмін Трумэна іх было 81.
У 1948 годзе ўнутры ЦРУ створаць Упраўленне палітычнай каардынацыі — акурат для дыверсій і сакрэтных аперацый, — і ўзначаліць яго знаёмы нам Фрэнк Візнэр. Ён тут жа выправіцца ў Германію. Пасля вайны толькі ў амерыканскую зону акупацыі трапіла не менш за два мільёны бежанцаў з падкантрольных Савецкаму Саюзу краін Усходняй Еўропы. Многіх потым вярнулі дадому, але сотні тысяч засталіся. Гэта былі людзі ў роспачы, якія страцілі ўсё і звычайна не мелі цёплых пачуццяў да камуністаў, што захапілі іх родныя краіны. Візнэр планаваў завербаваць як мага больш такіх эмігрантаў і закінуць за жалезную заслону ў якасці агентаў. ЦРУ мусіць «выкарыстоўваць уцекачоў з савецкага свету ў нацыянальных інтарэсах ЗША», падкрэсліваў разведчык.
Рым
Адной з першых буйных аперацый навастворанага Упраўлення палітычнай каардынацыі (УПК) стала сумеснае з брытанцамі закідванне дыверсантаў у камуністычную Албанію ў 1949 годзе. Албанія не мела прамых зносін з СССР, затое межавала з Грэцыяй і сацыялістычнай Югаславіяй, чый лідар Ёсіп Броз Ціта амаль адкрыта варагаваў са Сталіным. Амерыканцы з брытанцамі разлічвалі распаліць у Албаніі рух супраціву і зрынуць рэжым Энвера Ходжы, а кадры для аперацыі падбіралі сярод албанскай эміграцыі ў Італіі і Германіі.
Адказным за падбор з амерыканскага боку быў Майкл Берк. Пасля вайны ён, былы супрацоўнік УСС і дыверсант, спрабаваў зрабіць кар’еру сцэнарыста ў Галівудзе, паўдзельнічаў у здымках аднаго фільма, ажаніўся з працаўніцай кінастудыі, але далей справа не пайшла — і ў 1948 годзе Берк вярнуўся да разведкі ўжо ў ЦРУ. У жніўні 1949-га ён з жонкай і дачкой прыбыў у Рым, выдаючы сябе за кінапрадзюсара, і дзякуючы галівудскаму мінуламу легенда спрацавала гладка. Італьянская кінаіндустрыя акурат перажывала пасляваенны рэнесанс, і трыццацігадовы амерыканец са знешнасцю кінаактора і прыгажуняй-жонкай лёгка ўліўся ў рымскае грамадства. Пара арандавала вілу з садам у квартале Парыёлі, раз на тыдзень ладзіла для італьянскіх кіношнікаў раскошныя вечарынкі — а ў астатнія ночы, у заднім пакоі за зачыненымі аканіцамі, Берк абмяркоўваў з лідарам албанскага падполля Абазам Купі зрынанне Ходжы.
Дыверсантаў рыхтавалі, у прыватнасці, на брытанскай базе на Мальце і закідвалі ў Албанію морам, але кожны раз на беразе іх чакалі засады: албанскія спецслужбы ведалі загадзя не толькі час і месца кожнай высадкі, але і імёны дыверсантаў. Адной з прычын правалу стаў куратар сумеснай аперацыі з брытанскага боку ў Вашынгтоне Кім Філбі — як высветлілася пазней, савецкі агент, які перадаваў звесткі ў Маскву. Падазраваць яго пачалі ўжо ў 1951 годзе, потым падазрэнні знялі, але ў 1963-м ён быў канчаткова выкрыты і ўцёк у СССР. Зрэшты, на думку сучасных гісторыкаў, рэч была не толькі ў здрадзе Філбі — ролю адыгралі і неспрактыкаванасць амерыканскіх куратараў, і эфектыўнасць самой албанскай дзяржбяспекі.
Групы Берка закідвалі самалётам з Грэцыі, і з кожнай з іх ён асабіста далятаў да загараднага аэрадрома і чакаў вяртання транспартніка — праводзіць агентаў стала для яго рытуалам.
Калі ў 1951-м Берка прызначаць кіраўніком сакрэтных аперацый ЦРУ ва Усходняй Еўропе, ён дакладна гэтак жа будзе праводзіць дыверсантаў з аэрадрома нямецкага Вісбадэна. Цалкам імаверна, што сярод іх была і беларуская група, якая дэсантавалася ў Налібоцкай пушчы ў ноч з 26 на 27 жніўня 1952 года. У рассакрэчаных дакументах ЦРУ яна праходзіць як каманда AEQUOR-II, у айчыннай гістарыяграфіі — як група Цімафея Вострыкава. Але гэта было другое закідванне. А першым стаў малады беларус, таленавіты адзіночка. І для яго ўсё скончылася трагічна.
У наступнай серыі цыкла — як ЦРУ выбірала паміж варожымі цэнтрамі беларускай эміграцыі, хто вербаваў агентаў, кім быў першы дыверсант і што з ім здарылася пасля закідвання ў БССР.
Чытайце таксама


